Будучыню Еўропы пасля змены ўлады ў ЗША абмеркавалі ў Берліне Святлана Ціханоўская і прэзідэнт Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер. Сустрэча адбылася 9 лістапада ў рамках святкавання 35-й гадавіны падзення Берлінскай сцяны.
«Мы шмат гаварылі пра сітуацыю ў Савеце, — паведаміла агенцтву «Позірк» беларуская дэмакратычная лідэрка. — Бо спадар Штайнмаер сустракаецца амаль штодня з многімі прэзідэнтамі, і я цікавілася яго меркаваннем, што чакае Еўропу, калі, напрыклад, зменіцца палітыка ЗША, хоць усе гэтыя чатыры гады мы бачылі падтрымку абедзвюх партый (Дэмакратычнай і Рэспубліканскай.) у тым, што тычыцца Беларусі і Украіны. Але цяпер такі незразумелы час. І я пыталася, ці застанецца Еўропа аб’яднанай, нават калі не будзе ўпэўненай палітыкі ЗША. Спадар Штайнмаер дзяліўся думкамі, як гэта можа выглядаць, ці будзе Еўропа адчуваць сябе слабейшай, калі адбудуцца змены ў амерыканскай знешняй палітыцы».
«Па зразумелых прычынах я не магу публічна дзяліцца сутнасцю нашай размовы, але адзначу, што прэзідэнт Нямеччыны вельмі добра разумее сітуацыю ў Еўропе», — сказала Ціханоўская.
Паводле слоў Штайнмаера, Нямеччына спадзяецца, што палітыка ЗША і Еўропы застанецца прынцыповай у адносінах і да Беларусі, і Украіны, бо ўсе разумеюць зло, якое нясе дыктатура. «Спадар Штайнмаер лічыць, што павінна быць больш рашучасці, павінны быць моцныя лідары цяпер, калі адбываецца такое магутнае супрацьстаянне паміж дыктатурай і дэмакратыяй», — сказала дэмакратычная лідарка Беларусі.
20 студзеня адбудзецца інаўгурацыя новага прэзідэнта ЗША рэспубліканца Дональда Трампа, які перамог на выбарах 5 лістапада.
эж